•  

Гісторыя

Часопіс «Полымя» — старэйшае беларускае літаратурна-мастацкае выданне. У яго стварэнні прымалі непасрэдны ўдзел народныя песняры Янка Купала і Якуб Колас. Гісторыя часопіса — гісторыя беларускай літаратуры, яе лепшых узораў. Менавіта ў «Полымі» друкавалі свае знакамітыя творы Платон Галавач, Цішка Гартны, Кузьма Чорны, народныя пісьменнікі і народныя паэты Беларусі Іван Мележ, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Чыгрынаў, Іван Навуменка, Рыгор Барадулін, а таксама Уладзімір Караткевіч, Вячаслаў Адамчык, Міхась Стральцоў, Барыс Сачанка і многія іншыя знакамітыя айчынныя творцы. Так, напрыклад, нашы чытачы першымі маглі пазнаёміцца з раманамі «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, “Шэметы” Міколы Лобана, “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна, “Чужая бацькаўшчына” Вячаслава Адамчыка, “Знак бяды” Васіля Быкава і шматлікімі іншымі творамі, якія даўно сталі класікай беларускай літаратуры.

Першыя дзесяць гадоў (да 1932 г.) часопісам кіравала рэдакцыйная калегія, у яе ўваходзілі Ц. Гартны, З. Бядуля, У. Ігнатоўскі, В. Нодэль. Першым рэдактарам выдання быў прызначаны П. Галавач (1932 г.) і часопіс пачаў называцца «Полымя рэвалюцыі». На змену П. Галавачу ў 1933 годзе прыйшоў Міхась Лынькоў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны часопіс не выходзіў.

Адноўленае ў студзені 1945 года пад сваёй цяперашняй назвай, “Полымя” па распараджэнні Савета Міністраў БССР выйшла тыражом у 5000 экзэмпляраў. Выданне ўзначаліў Пятрусь Броўка.

Пазней галоўнымі рэдактарамі часопіса былі: Максім Танк (1948 – 1967), Павел Кавалёў (1967 – 1972), Кастусь Кірэенка (1972 – 1986), Сяргей Законнікаў (1986  – 2002), Мікола Мятліцкі (2002 – 2014). У розныя гады ў “Полымі” працавалі Кандрат Крапіва, Хвядос Шынклер, Рыгор Бярозкін, Мікола Хведаровіч, Васіль Вітка, Пятро Глебка,  Міхась Машара, Ян Скрыган, Алесь Бачыла, Сяргей Дзяргай, Генадзь Кляўко, Аляксей Русецкі, Іван Мележ, Янка Брыль, Іван Чыгрынаў, Анатоль Вялюгін, Вячаслаў Адамчык, Барыс Сачанка, Міхась Стральцоў, Рыгор Барадулін і многія іншыя вядомыя беларускія пісьменнікі.

За парогам ХХІ стагоддзя “Полымя” застаецца верным сваім лепшым традыцыям і адначасова імкнецца быць сугучным новаму часу, уважлівым да новых плыняў і накірункаў у літаратуры.